«ТАЯМНІЧЫ РУЧНІК. Са збораў музея ў Бельску-Падляшскім»

Выстава распавядае пра мясцовы этнаграфічны брэнд – Падляшскі ручнік, дэманструе яго разнастайнасць, тэхнікі стварэння і дэкарыравання, кампазіцыйныя асаблівасці дэкору. Майстэрства вырабу ручнікоў перадавалася з пакалення ў пакаленне. Пад уплывам гістарычнага кантэксту тэхналогіі мяняліся, змянялася аздабленне ручнікоў. Іх выкарыстанне ў народных традыцыях і абрадах дазволіла даволі добра захаваць самі ручнікі ў сем’ях мясцовых жыхароў. Дзякуючы беражліваму стаўленню і крапатлівай працы супрацоўнікаў музея, сціплы Падляшскі ручнік становіцца мясцовым брэндам, шырока ўключаецца ў адукацыйную і культурную дзейнасць.

Пра гісторыю стварэння брэнда «Падляшскі ручнік» 21 мая 2019 г. на семінары «Польскі вопыт працы з мясцовымі этнакультурнымі каштоўнасцямі на прыкладзе падляшскага ручніка» распавядзе супрацоўніца музея ў Бельску-Падляшскім АЛІНА ДЭМБОЎСКА. Семінар дапаўняецца майстар-класам па дэкарыраванні торбачак матывамі з ручнікоў і макатак (яшчэ адзін мясцовы артэфакт, які выкарыстоўваецца падчас музейнай працы з дзецьмі).

Выстава праходзіць пры падтрымцы Інстытута Польскага ў Мінску.

«СВЯТЛО Ў МАІХ ДАЛОНЯХ»

Выстава прыватнай калекцыі велікодных яек розных краін свету Любові Шалкоўнікавай (Расія) пачала стварацца пасля І міжнароднай выставы «Святло ў маіх далонях», якая прайшла ў Маскве некалькі гадоў таму. На выставе было прадстаўлена больш за 1000 яек, выкананых у розных тэхніках: ад «шкробанак» і «васкаванак» да інкруставаных саломкай дэкаратыўных вырабаў. Сама Любоў прафесійна займаецца пісанкай як майстрыха каля 10 гадоў. Да вялікоднай пісанкі з дзяцінства мае асаблівае стаўленне. У калекцыі зараз захоўваюцца яйкі з Расіі (Курская вобласць), Украіны (гуцульскія, палтаўскія пісанкі), Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Малдовы. Таксама прадставяць свае работы і майстры з іншых рэгіёнаў Расіі, гарадоў Яраслаўля, Навасібірска, Каўрова і інш.

На выставе таксама прадстаўлены беларускія пісанкі з калекцыі майстра Вольгі Хачковай: копіі гродзенскіх традыцыйных пісанак, керамічныя яйкі-бразготкі (майстар Мікалай Стрэльчанка) – рэканструкцыі керамічных яек ХІІ ст.

Аўтарскія рэканструкцыі керамічных бразготак прадстаўляе і народны майстар Рэспублікі Беларусь Мікалай Пратасеня.

Традыцыйную беларускую і сучасную аўтарскую пісанку і шкробанку прадстаўляюць творы майстроў Вольгі Хачковай (г. Мінск), Марыны Вакульчык (Народны майстар РБ, Любанскі раён), Алены і Марыі Кісялёвых (г. Вілейка) і інш.

Кожны тыдзень плануецца правядзенне майстар-класаў па роспісе яек у традыцыйнай беларускай і так званай “батыкавай” тэхніцы з дапамогай воску і фарбаў. Майстар-класы арганізуюцца па папярэдняму запісу для груп да10 чалавек.

Выстава працуе з 10 мая па 2 чэрвеня 2019 г. у мастацкай галерэі ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці», Мінск, вул.Гікалы, 4 (памяшканне абласной бібліятэкі імя А.Пушкіна).
Серада – нядзеля 11.00 – 19.00. панядзелак, аўторак – выхадныя дні.
Кошт: 3 р. – для дарослых, 1,50 р. – дзеці, школьнікі, студэнты, пенсіянеры.
2 р. – экскурсія. Для груп ад 10 чалавек – кошт па 2.50 р. (дарослыя)

Тэл. 377-40-91, 290-91-45