Выстава «Свой твар»

16 студзеня 2020 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё выставы маладых выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава “Свой твар”.

У кожнага творчага чалавека свой стыль, “свой твар”. Кожную працу мастак напаўняе думкамі, якія хвалююць яго, раскрывае сваю душу, уступае ў дыялог з гледачом.

Канцэптуальная аснова выставы “Свой твар” – шматжанравасць, невычэрпнасць творчай думкі і форм увасаблення маладых выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава. На выставе прадстаўлена больш за 70 работ, выкананых за апошнія 10 гадоў.

Разнастайнасць матэрыялу стварае шматгранную экспазіцыю, якая прапануе гледачу магчымасць пазнаёміцца з рознымі відамі і формамі сучаснага беларускага мастацтва.

Адзінаццаць таленавітых, маладых выкладчыкаў каледжа імя А.К. Глебава прадставілі свае работы на выставе “Свой твар”: Анастасія Цімчанка (жывапіс), Васіль Чатнеўцаў (жывапіс), Кацярына Янтоўская (жывапіс); Марыя Дарожка (графіка); Марына Баранчык-Красоўская (скульптура), Дзяніс Кандрацьеў (скульптура), Аляксандр Сакалоў (скульптура), Раман Саковіч (скульптура), Ігар Саўчанка (скульптура); Аліна Галаўко (фатаграфія); Марына Аніськова (дызайн).

Выстава “Свой твар” – гэта вынік узаемадзеяння розных накірункаў і традыцый беларускага мастацтва са свежымі ідэямі і творчымі пошукамі маладых выкладчыкаў каледжа імя А.К. Глебава.
Выстава працягнецца да 16 лютага 2020 года.

Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”:
Адрас: г. Мінск, вул. Герцэна, 2а;
Час працы: серада – нядзеля, 11.00 – 19.00;
Т.: (017) 220 26 57; (017) 337 24 30;
Кошт квітка: дарослы – 3 руб., студэнцкі – 2,5 руб., дзіцячы – 2 руб.