Выстава скульптуры, жывапісу і графікі Юрыя Анушкі «Стужка часу»

9 ліпеня 2020 г. а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё выстаўкі скульптуры, жывапісу і графікі сябра Беларускага саюза мастакоў Юрыя Анушкі “Стужка часу”.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 70 мастацкіх работ, многія з якіх дэманструюцца ўпершыню. Асноўную частку экспазіцыі ўтварае рэтраспектыва скульптурных твораў з пачатку 2000-х гг. да нашага часу. Прадстаўлены таксама жывапіс і графіка 1980-1990-х гг. Юрый Анушка працуе з рознымі матэрыяламі, пераважна з металам: бронза, сілумін, алюміній, выкарыстоўвае дрэва, граніт, вапняк, шкло, мармур. Характэрнай асаблівасцю яго тэхнікі можна назваць пошукі ўвядзення колера і эмаляў у скульптурныя формы.

У стылі работ аўтара прасочваецца спадчына сюррэалізма. Метафарычнасць, некаторая абсурднасць яго твораў праяўляецца ў мудрагелістым спалучэнні аб’ёмаў, якія складаюць нечаканую адвольную камбінацыю натуральных і фантастычных формаў. Увасабленне ў адным вобразе чалавечага і жывёльнага пачатку, канкрэтнага рэальнага і ірацыянальнага дэманструе рухомасць свету, яго шматслойнасць, дзе хаваецца шмат таямнічага і недаступнага для чалавечага розуму.

Выстаўка працуе да 2 жніўня 2020 г.

Юрый Анушка: “Я не так часта пешчу сябе тым, што ўладкоўваю свае персанальныя выставы. Але час ідзе, работ становіцца ўсё больш. Некаторыя былі пачаты гадоў трыццаць таму, ніколі не выстаўляліся і завяршаліся на працягу ўсяго гэтага часу. Я заўважыў, што ўвесь працэс маіх заняткаў скульптурай можна падзяліць на дзесяцігадовыя перыяды. Само-сабой так атрымлівалася, што і тэмы, і пластыка, пачатыя ў пэўны перыяд, праз дзесяць гадоў цалкам выпрацоўваліся і з'яўлялася жаданне мяняцца кардынальна. Таму і захацелася паказаць найбольш поўна што хвалявала ў той ці іншы перыяд, як гэта адбывалася, што цікавіла і што натхняла, што перажываў. Захацелася ўсё гэта выставіць у адной зале і паказаць. Мне здаецца што гэта будзе цікава».

Анушка Юрый Генадзьевіч
Нарадзіўся 02.01.1963 г. у в. Логаўская Слабада Мінскага раёна. У 1981 г. скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчаму мастацтву імя І. В. Ахрэмчыка, у 1990 г. - Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (аддзяленне скульптуры). Вучыўся ў А. Арцімовіча, А. Анікейчыка. З 1986 г. удзельнічае ў рэспубліканскіх, замежных і міжнародных выставах, пленэрах (Беларусь, Расія, Германія, Нідэрланды, Літва, Латвія, Францыя, Партугалія). З 1997 г. - сябра Беларускага саюза мастакоў.

Аўтар манументальных скульптур: "Жыхарам спаленай вёскі Тонеж" у в. Тонеж Гомельская вобласці, 1991 г.; "Помнік не народжанаму дзіцяці" у г. Мёры Віцебскай вобласці ( у суаўтарстве з А. Дранец ) 1992 г.; "Заснавальнікам хакейнай каманды" Хімік " у г. Васкрасенск Маскоўскай вобласці (у суаўтарстве з І. Чумаковым), 2006 г.; "Помнік артысту Юрыю Нікуліну " у г. Дзямідаў Смаленскай вобласці ( у суаўтарстве з І. Чумаковым), 2011 г.; Помнік "Якая чакае" у г. Мурманску (у суаўтарстве з І. Чумаковым), 2012 г.; Алегарычныя кампазіцыі на тэму рэк "Нёман" і "Прыпяць" у Палацы Незалежнасці ў г. Мінску (у суаўтарстве з А. Шаціла ), 2013г.; "Помнік пажарнаму"у г. Мінску, 2019 г.

Работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў і ў прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Чэхіі, Нідэрландах, Аўстрыі.

пл. Свабоды, 15
серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
+375 17 337-24-30
minskmuseum.by

Кошт білетаў:

3,00 руб. — для дарослых
2,50 руб. — для студэнтаў

2,00 руб. — для школьнікаў