Выстава «Лошыцкі альбом»

У музеі «Лошыцкая сядзіба» пачала працаваць выстава жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Лошыцкі альбом», якая прысвечана Дню горада Мінска.

З даўніх часоў маляўнічы пейзаж на месцы злучэння рэк Свіслачы і Лошыцы прывабліваў мастакоў. Стары парк, алеі, векавыя дрэвы, мураваная сядзіба і драўляны флігель, руіны млыноў і сам краявід Лошыцы ствараюць асаблівы настальгічны настрой, такі рэдкі для сучаснага мегаполіса.

На выставе дэманструюцца творы Віктара Барабанцава, Веры Блінцовай, Віктара Варанкевіча, Ларысы Зарубінай, Валянціны Іваньковай, Алесі Іса, Івана і Юрыя Козелаў, Вячаслава Кубарава, Юліі Мардванюк, Віктара Нямцова, Міхаіла Рагалевіча, Яўгеніі Сухаверхавай, Станіслава Федчанкі, Валерыя Шкарубы.

Дзякуючы пластычным і кампазіцыйным магчымасцям, яркім каларыстычным вынаходніцтвам, адлюстравалі прыгажосць Лошыцы, прыпаднеслі наведвальнікам сваё асабістае ўспрыманне гэтай унікальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці беларускай сталіцы.
Агляд выставы «Лошыцкі альбом» – своеасаблівае мастацкае падарожжа ў «лошыцкай» прасторы і часе.

Маляўнічы бераг ракі Свіслачы на палатне Валерыя Шкарубы нібы заварожвае гледача сваёй цішынёй і спакоем.
Пейзажы Ларысы Зарубінай і Станіслава Федчанкі прывабліваюць позірк таямнічасцю лошыцкай прыроды ў розныя поры года.
«Чырвоны» млын і навакольныя алеі паўстаюць на карціне Міхаіла Рагалевіча. Праз паўстагоддзі Віктар Немцоў напісаў рэстраспектыву гэтага помніка архітэктуры.

«Белы дом» – Лошыцкую сядзібу да рэканструкцыі – прадстаўляюць браты Іван і Юрый Козелы.
Аб выглядзе гістарычнай забудовы каля старой лошыцкай дамбы дае ўяўленне жывапіс Вячаслава Кубарава і графіка Віктара Варанкевіча.

Мары пра Лошыцу ўвасабляе мастачка Яўгенія Сухаверхава.
Рамантычныя старонкі жыцця Лошыцы раскрывае Валянціна Іванькова.
Габелены Веры Блінцовай і Юліі Мардванюк напаўняюць выставу ўтульнасцю і цяплом.

Апошняя старонка «Лошыцкага альбома» - гэта работа Віктара Барабанцава, якая падрыхтавана ў апошнія дні жніўня.

праезд Чыжэўскіх, 10
тэрыторыя Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу
0+

серада – нядзеля, 11.00 – 19.00
+375 17 285 18 86

Уваходны квіток:
3,00 руб. – для дарослых
2,50 руб. – для студэнтаў
2,00 руб. – для школьнікаў

Афиша.jpg