Выставачны праект «Каноны творчасці»

13 мая 2021 года а 17-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (г. Мінск, пл. Свабоды, 15) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта «Каноны творчасці», прысвечанага 75-годдзю заснавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Установа адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў» – прэстыжная вышэйшая навучальная ўстанова Беларусі, вядучая ўстанова нацыянальнай адукацыі ў сферы прафесійнага мастацтва – тэатральнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, кіна-, тэлемастацтва і дызайну.

Акадэмія мае багатую гісторыю і традыцыі, сфарміраваныя педагагічныя прыёмы. Гісторыя Акадэміі пачынаецца ў пасляваенны час, калі ў 1945 годзе распараджэннем Саўнаркама СССР, Саўнаркама БССР і Камітэта па справах мастацтваў быў заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут. У 1953 годзе ён быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У 1991 годзе інстытут рэарганізавалі ў Беларускую акадэмію мастацтваў, у 2001 годзе ёй была прысвоена сучасная назва.

Акадэмічная школа Беларусі мае якасць цэльнай мастацкай з’явы, якая захоўвае шлях развіцця гістарычна ўстойлівых форм нацыянальнага мастацтва і знаходзіцца ў кантэксце сучасных прыярытэтных еўрапейскіх і сусветных тэндэнцый. У ліку выкладчыкаў і выпускнікоў Акадэміі – дзеячы мастацтваў, вядомыя на радзіме і ў свеце, якія маюць вышэйшыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаў, зарэкамендавалі сябе на прэстыжных сусветных конкурсах і выставачных праектах.
Галоўная ідэя юбілейнага праекта выказана ў прадстаўленні творчых амплуа выкладчыкаў і супрацоўнікаў Акадэміі. Яны – захавальнікі спадкаемнасці, натхніцелі на новыя адкрыцці – перадаюць маладым аўтарам, якія пачынаюць свой шлях, імператыў любві да мастацтва ў сэнсах Прызвання і Служэння.

Экспазіцыя выставачнага праекта «Каноны творчасці» прадстаўлена шырокім дыяпазонам традыцыйных і сучасных відаў, жанраў, напрамкаў выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, фотамастацтва – творамі Уладзіміра Тоўсціка, Уладзіміра Зінкевіча, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Міхаіла Баразны, Канстанціна Касцючэнкі, Валерыя Слаука, Юрыя Хілько, Уладзіміра Масленікава, Усевалада Свентахоўскага, Аляксандры Дзятлавай, Ганны Конанавай, Міхаіла Шыкава, Івана Конана, Льва Талбузіна, Елізаветы Пастушэнка, Вольгі Мельнік-Малахавай, Алесі Скарабагатай, Антона Вырвы і інш.

пл. Свабоды, 15
серада – нядзеля, 12.00 – 20.00
+375 17 270 43 66

Уваходныя білеты:

5,00 руб. — для дарослых
3,50 руб. — для студэнтаў, пенсіянераў
2,50 руб. — для школьнікаў


Каноны_творчасці__афіша.jpg