Анлайн-выданне «Выцінанка. Palunisa. Almanac»

Ідэя стварэння анлайн-выдання "Выцінанка. Palunisa. Almanac" прыйшла мне дзеля пашырэння культуры папяровага выразання на Беларусі, падтрымання сувязяў паміж майстрамі, мастакамі і спажыўцамі гэтага віду мастацтва, якое ўжо даўно выйшла за рамкі тэрміна «народнае», але застаецца такім па сутнасці сваёй, бо палюбілася самымі рознымі людзьмі, незалежна ад ўзросту і сферы сваёй дзейнасці!

Аднойчы я зразумела, што выцінанка - ёсць тое, чым я дакладна буду займацца ўсё жыццё! І гэта адбылося ў 2004-м, калі я змагла неабмежавана паглядзець праз інтэрнэт пра ўсё, што робіцца ў свеце папяровага выразання. У той момант усвядоміла ўнікальнасць беларускай выцінанкі! Альманах - праект, які па сутнасці сваёй мае такую ж мэту: падымаць культуру выцінанкі, натхняць, выхоўваць густ і трапятлівае стаўленне да гэтай культурнай спадчыны, даносіць веды пра яе да кіраўнікоў і працаўнікоў школьных і пазашкольных установаў, дзіцячых садкоў, мастацкіх студый, проста да асоб цікаўных да гэтага віду мастацтва.

Альманах разлічаны на публікацыі як мастацтвазнаўцаў, этнографаў, прафесіяналаў выцінанкі, так дае мажлівасць стаць яго удзельнікам для любога чытача, які можа даслаць свой матэрыял і распавесці пра свой досвед стасункаў з выцінанкай, успамінаў, вынаходак. Такім чынам любы чытач будзе адчуваць сябе часткай нацыянальнай культуры і непасрэдным ўдзельнікам стварэння альманаху, асабістага дачынення да яго. Што вельмі важна і істотна дзеля аб’яднання і адчування цэльнасці супольнасці прыхільнікаў мастацтва выцінанкі і беларускага культурнага полю. Альманах ствараецца намі ўсімі і кожны можа даслаць свае матэрыялы для размяшчэння ў ім.

За апошнія гады з'явіліся новыя звесткі пра беларускую выцінанку. І тыя матэрыялы, якія ўтрымліваюць ранейшыя выданні на гэтую тэму мусяць атрымаць праўкі і дапаўненні. Альманах мае на мэце рабіць гэта даволі аператыўна.
Шмат цікавых гістарычна-мастацтвазнаўчых тэмаў патрабуюць увагі і распрацовак. Выданне –поле для абмену думкамі, разважаннямі і вынаходкамі.

Вялікая колькасць парушэння аўтарскага права ў галіне гэтага віду мастацтва таксама прымусіла шукаць канструктыўныя спосабы вырашэння праблемы. Бо часцей за ўсё парушэнні адбываліся менавіта з-за неразуменяя таго, што ёсць аўтарства ў выцінанцы. Альманах дакранецца і гэтых пытанняў таксама.

Раздзелы альманаха:
1 - Анонсы і навіны. Выставы, сустрэчы, падзеі Саюза майстроў.
2 -Сучасная выцінанка. Новыя працы, эксперыменты.
3 - Асобы. Слова майстра.
4 - Гісторыя. Традыцыі. Этнаграфія.
5 - Пачаткоўцу. Парады, шаблоны, тэхналогіі.
6 - Гасцёўня. Пра сусветнае выразанне з паперы.
7 - Марафон сяброў, калег і канкурэнтаў.

Першы выпуск толькі ўбачыў свет, але ўжо гатовыя матэрыялы на другі і трэцці выпускі. Кожны дзень з’яўляюцца ўсё новыя падпішчыкі. Дзеля даступнасці, папулярнасці і сапраўднай народнасці альманаху ён задумаўся бясплатным і ніколі платным не будзе. Гэта некамерцыйная ініцыятыва. «Выцінанка. Palunisa. Almanac.» распаўсюджваецца праз адкрытую пастаянна рэгістрацыю (гугл-форму).

Я – Бабурына Вольга Вячаславаўна, народны майстар, рэспубліканскі стыпендыят у галіне культуры і мастацтва, загадчыца секцыі выцінанкі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, сябра міжнароднага таварыства “Бумажные традиции” (Рассея) і Guild of American Papercutters (ЗША) – з’яўляюся аўтарам ідэі альманаха і яе рэалізатарм.

Альманах – мой досвед, мае веды, мая дасведчанасць, мае стасункі, мае падарожжы, мае сустрэчы і мае ўражанні, якімі я хачу падзяліцца. І да іх далучаецца шырокае кола самых розных творчых і навуковы асоб, мастакоў, этнографаў, музейных працаўнікаў, мастацтвазнаўцаў, калекцыянераў самых розных узроўняў, якое ўтварылася ў маім жыцці больш чым за 30 год майго ўласнага захаплення выцінанкай.

На мэце дасягнуць да канца года 2000й колькасці якасных падпішчыкаў і працягваць павышаць культурны і мастацкі узровень свядомасці нашага беларускага краю!

Першы нумар бясплатнага анлайн-альманаху ўжо адправіўся да сваіх падпішчыкаў. Хто яшчэ не паспеў падпісацца, вось форма:

https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSeLemfHJ3hvOU0zMS7ruIMBq4ogMDGMENr38osU1l-i5p1SFA/viewform?vc=0&c=0&w=1&flr=0&usp=mail_form_link

Запрашайце сяброў да падпіскі!



Другие материалы в этой категории: « Спецвыпуск "Лукошко идей" в июле!