«Вясна, вясна жаданая!» Творчыя майстар-класы.

Падчас веснавых канікул з 26.03.2019 года па 29.03.2019 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа прапануе далучыцца да абрадавага свята “Вясна, вясна жаданая!”, прыняць удзел у творчых майстар-класах, наведаць тэматычную экспазіцыю “Светлыя мары вясны”.

З даўніх часоў надыход доўгачаканай вясны людзі звязваюць з аднаўленнем прыроды пасля зімовага сну, абуджэннем уласнай моцы і светлых пачуццяў. Гуканне вясны - старажытнае свята, якое нашы продкі адзначалі яшчэ да прыняцця хрысціянства, а пазней сталі звязваць яго з рэлігійным святам Дабравешчання. Беларусы аздаблялі дрэвы рознакаляровымі стужкамі, развешвалі на галінках самаробных птушачак з цеста, паперы, тканіны, кардону. Людзі верылі, што птушкі, якія павінны вярнуцца з выраю, заўважаць, што іх чакаюць, і прыляцяць на Радзіму хутчэй. Свята не абыходзілася без вяснянак – абрадавых песень, што вылучаюцца сваім прыпевам – накшталт гукання. Падчас сустрэчы вясны нашы продкі вадзілі карагоды і як мага больш смяяліся, і тады вясна з прыемнасцю завітвала ў палі, лясы і вёскі.

Традыцыя гукаць вясну захавалася і да гэтага часу. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа не абмінае свята адраджэння прыроды і светлых пачуццяў і запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да сустрэчы вясны ў Доме Коласа.

У перыяд з 26 па 29 сакавіка музей прапануе:
- майстар-класы па вырабе вясновых паштовак і арыгінальных букетаў з цукерак;
- 26 сакавіка – правядзенне традыцыйнага літаратурна-фальклорнага свята “Гуканне вясны”.
- 27 сакавіка - майстар-клас па вырабе духмянага мыла;
- 29 сакавіка – майстар-клас па вырабе птушак з саломы.

Наведвальнікі таксама змогуць азнаёміцца з прыкладамі майстэрства саломапляцення на часовай выставе “Светлыя мары вясны”, урачыстае адкрыццё якой адбудзецца 27 сакавіка ў 16.00. Выстава будзе дзейнічаць з 27 сакавіка па 1 красавіка 2019 года.

Для ўдзелу ў музейным праекце неабходны папярэдні запіс па тэлефоне:
284-17-02.
Падрабязны расклад мерапрыемстваў – у дадатку.
Кошт: 5 рублёў.

г. Мінск, вул. Акадэмічная 5






Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии