Лекцыя «Пад правам магдэбургскім»

3 сакавіка 2022 года ў працяг добрай традыцыі адзначаць гадавіну першай летапіснай згадкі пра Мінск у Мінскай гарадской ратушы, Музей гісторыі горада Мінска запрашае наведаць мерапрыемства ў фармаце лекцыі «Пад правам магдэбургскім».

У Год гістарычнай памяці выступленні лектараў аб’яднае тэматыка гісторыі Мінска ў XVII–XVIII стагоддзях падчас дзеяння магдэбургскага права на беларускіх землях. Сваімі нарысамі з гісторыі Мінска падзеляцца знакамітыя гісторыкі, археолагі і краязнаўцы.

Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Надзея ПАЛТАРЖЫЦКАЯ звернецца да ўнікальных дакументаў XVII–XVIII стагоддзяў – магістрацкіх кніг, каб паведаміць слухачам аб структуры і штодзённых справах мінскага магістрата – галоўнага органа гарадскога самакіравання.

Незвычайная, а таму асабліва захапляльная для ўсіх зацікаўленых гісторыяй Мінска тэма ў загадчыка аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандра ДОЎНАРА: няшмат людзей ведае, што разам з магістратам у Мінску існаваў яшчэ адзін орган самакіравання – Рада гмінных мужоў, якая таксама збіралася ў ратушы. Лектар падзеліцца дэталямі таго, як паўнамоцтвы былі падзелены паміж галінамі гарадской улады.

Неад’емна звязана гісторыя самакіравання нашага горада і архітэктурнага сімвала гарадскога самакіравання – Ратушы. Пра археалагічныя даследаванні архітэктурных помнікаў сучаснай плошчы Свабоды – Мінскай гарадской ратушы і Царквы Святога Духа – раскажуць археолагі Сяргей ТАРАСАЎ і Ірына ГАНЕЦКАЯ.

Менавіта падчас дзеяння магдэбургскага права ў Мінска з’явіліся не толькі свае сімвалы, але і свае нябесныя апекуны: у 1591 годзе ў горада з’явіўся герб з выявай Узнясення Дзевы Марыі. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі ХІ-ХVIII стагоддзяў Інстытута гісторыі НАН Алег ДЗЯРНОВІЧ пазнаёміць наведвальнікаў з падзеямі, якія падаравалі Мінску нябесную пратэкцыю.

Разбавіць тэму даўно мінулых гадоў і завітаць ў сучаснасць запрашае спецыяліст па гістарычнай урбаністыцы Андрэй КІШТЫМАЎ, які распавядзе пра спецыфіку пражывання ў гарадах і асаблівасці развіцця гарадоў з моманту ўзнікнення магдэбургскага права на беларускіх землях да канца XIX стагоддзя на прыкладзе Мінска.

Пачатак мерапрыемства 3 сакавіка 2022 г. у 18.00.
Кошт білетаў – 3 руб.

Мінская гарадская ратуша
пл. Свабоды, 2А
+375 17 270 43 66
Другие материалы в этой категории: « Мастер-классы по скетчингу